Прадукцыя

РОГАЧЁВ. РОГАЧЁВСКИЙ РАЙОН

РОГАЧЁВ. РОГАЧЁВСКИЙ РАЙОН
Апiсанне
     Маштаб плана горада 1:10 000. маштаб карты раёна 1:100 000. Карта абноўлена ў 2021 годзе.
     Рогачоўшчына – адна з самых старажытных заселеных тэрыторый у межах сучаснай Беларусі. Першыя людзі на тэрыторыі раёна з'явіліся яшчэ 14 000 гадоў назад. А горад упершыню згадваецца ў 1142 годзе (Іпацьеўскі летапіс). На сённяшні дзень Рагачоўскі раён – лідэр у Беларусі па колькасці знаходак бронзавага веку узростам ад 3,5 да 4 тысяч гадоў.
     Найбольшы росквіт горад атрымаў пры кіраванні вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта I, які падарыў горад сваёй жонцы Боне Сфорца. Па загадзе каралевы ў горадзе быў пабудаваны каменны замак, разваліны якога яшчэ можна было ўбачыць перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Сёння на месцы замка – «Замкавая гара», якая лічыцца калыскай горада.
     У свой час горад наведвалі Кацярына II і Аляксандр I. А Фёдар Шаляпін даваў дабрачынны канцэрт у мясцовым тэатры ў 1914 годзе.
     Сучасны Рагачоўскі раён быў утвораны 17 ліпеня 1924 года.
     Рагачоў з'яўляецца горадам вайсковай славы, бо ўлетку 1941 года, на Рагачоўска-Жлобінскім кірунку адбылося контрнаступленне савецкіх войскаў, якое дазволіла затрымаць наступ нямецка-фашысцкай арміі на Маскву на цэлы месяц.
     Выхадцамі Рогачоўшчыны з'яўляюцца больш за 30 знакамітых дзеячаў у галіне літаратуры, сярод якіх Андрэй Макаёнак, Ядвігін Ш., Міхась Лынькоў, Рыгор Сунiца. Уладзімір Караткевіч напісаў у Рагачове (у доме свайго дзеда, які можна ўбачыць і сёння) адны з лепшых сваіх твораў: «Ладзя роспачы», «Сівая легенда» (падзеі аповесці, дарэчы, адбываюцца на Рогачоўшчыне), часткова «Каласы пад сярпом тваім» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».
     Сёння Рагачоўскі раён уваходзіць у шасцёрку найбольш буйных раёнаў Гомельскай вобласці.
     Горадаўтваральнымі прадпрыемствамі з'яўляюцца ААТ «Рагачоўскі завод «Дыяпраектар », ЗАТ «Рэмезаў" (найбуйнейшы вытворца паветраных кампрэсараў ва Усходняй Еўропе) і ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат», які выпускае знакамітую ў многіх краінах свету згушчонку. Першая партыя згушчонкі была выпушчана больш за 80 гадоў таму, у 1938 годзе. У горадзе нават ёсць помнік, прысвечаны знакамітаму ласунку: у 2013 годзе ў гонар 75-годдзя камбіната была ўсталявана 4-х метровая дакладная копія сіне-блакітнай банкі згушчанага малака.